Беларускі студэнт прыдумаў невычэрпную крыніцу энэргіі для смартфонаў
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
17.07.2017 17:02
Зараз да яго зьвяртаюцца аптовыя распаўсюднікі з усіх кантынэнтаў.
pixabay.com
Студэнт БНТУ Міхаіл Вага распрацаваў ручны электрагенэратар HandEnergy. Раскручваючы генэратар у руцэ, карыстальнік можа зарадзіць свой смартфон нават у лесе ці ў пустыні.
Прыладу HandEnergy трэба круціць, трымаючы ў руцэ. Яна аб'ядноўвае ў сабе трэнажор і зарадную прыладу, выпрацоўваючы электрычнасьць з энэргіі цягліц. Праз USB да яе можна падключыць смартфон і папоўніць зарад батарэі без разеткі.
Унутры — металічны ротар, які здзяйсняе каля 4000 абаротаў за хвіліну. Шпулька індукцыйнасьці ў верхняй частцы дазваляе атрымаць ад кручэньня напружаньне 5 вольт і ток 1 ампер - дастаткова для зарадкі кішэннай электронікі.
Збор грошай на HandEnergy Міхаіл пачаў у лістападзе мінулага года на краўдфандынгавай пляцоўцы Kickstarter. Усе жадаючыя маглі заплаціць 79 даляраў і атрымаць гаджэт праз некалькі месяцаў. Неабходныя 50 тысяч даляраў ён сабраў за два тыдні. Пасьля кампанію перанеслі на Indiegogo, там яна працягваецца да гэтага часу.
Зараз гаджэт гатовы. Каманда ўжо наладзіла дробнасерыйную вытворчасць і пераходзіць да серыйнай стадыі.
Гаджэт падобны на гіраскапічны трэнажор - і яго сапраўды можна выкарыстоўваць для трэніровак.
Па словах Міхаіла, зараз да яго зьвяртаюцца аптовыя распаўсюднікі з усіх кантынэнтаў.
nn.by/tut.by/яс