ЗША працягваюць дазвол на гандаль зь беларускімі прадпрыемствамі, якія падпадаюць пад санкцыі
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
29.04.2017 09:22
Аднак амэрыканцы не вызваляюць заблякаваную ўласнасьць гэтых прадпрыемстваў.
Злучаныя Штаты працягнулі рэжым прыпыненьня санкцый у дачыненьні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў на паўгода. Паведамленьне пра гэта распаўсюдзіла 28 красавіка Міністэрства фінансаў ЗША.
"Міністэрства фінансаў ЗША з улікам кансультацый і ў каардынацыі зь Дзяржаўным дэпартаментам ЗША працягвае дазвол на ажыцьцяўленьне зьдзелак зь беларускімі прадпрыемствамі, якія падпадаюць пад санкцыі згодна з указам прэзыдэнта ЗША № 13405. Гэты дазвол не вызваляе заблякаваную ўласнасьць гэтых прадпрыемстваў", — гаворыцца ў рэлізе Мінфіна. Рашэньне дзейнічае да 30 кастрычніка 2017 года.
Санкцыі ў дачыненьні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзыдэнта Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі і з тых пор пэрыядычна працягваліся. У санкцыйны сьпіс уваходзяць "Беларускі нафтавы гандлёвы дом", канцэрн "Белнафтахім", Belneftekhim USA Inc., ААТ "Белшына", ААТ "Гродна Азот", ААТ "Гродна Хімвалакно", ААТ "Лакафарба", ААТ "Нафтан" і ААТ "Полацк-Шкловалакно".
29 кастрычніка 2015 года Мінфін ЗША прыняў рашэньне аб частковым зьмякчэньні санкцый на паўгода (да 30 красавіка 2016 года), дазволіўшы транзакцыі. Пры гэтым, калі сума зьдзелкі перавышае 10 тыс. даляраў, грамадзяне ЗША абавязаны паведамляць пра гэта ўпраўленьню кантролю замежных актываў Дзярждэпартамэнта. У красавіку 2016 года гэта рашэньне было працягнута яшчэ на паўгода.
БелаПАН/яс