Блёгер Філіповіч выйшаў на волю
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
28.04.2017 16:55
Ён адбыў 30 сутак арышту за «маршы недармаедаў»
Максім Філіповічsvaboda.org
За ўдзел і відэаздымкі акцыяў пратэсту «недармаедаў» супраць дэкрэту № 3 у Гомлі, Берасьці, Маладэчне і Пінску Філіповіч агулам адседзеў за кратамі 30 сутак.
Каля ізалятара УУС на вуліцы Міжгародняй яго сустракалі жонка Юля, гарадзкія блёгеры, грамадзкія актывісты, якія таксама былі пакараныя штрафамі ці арыштамі за «маршы недармаедаў».
Максіма Філіповіча вывезьлі зь ізалятару сьпярша ў апорны пункт, потым у Савецкі райаддзел міліцыі.
21 красавіка судзьдзя Савецкага раёну Гомля Андрэй Лагуновіч на падставе адміністрацыйнага пратаколу, складзенага міліцыяй паводле артыкула 23.34, пакараў Філіповіча арыштам за прысутнасьць 11 сакавіка на акцыі «недармаедаў» у Пінску. Гэта быў ужо чацьвёрты арышт блёгера. На вырак прысутныя адрэагавалі гучнымі воклічамі «Ганьба!».
У Пінску Філіповіч не выступаў, а толькі абураўся бязьдзеяньнем тамтэйшых міліцыянтаў, якія ня сталі яго бараніць, калі невядомыя ў цывільным пацягнулі яго ў аўтазак. Адбілі Філіповіча ад нападнікаў пінчукі.
Філіповіч перакананы, што міліцыянты помсьцяць яму за публічныя прэтэнзіі наконт аховы грамадзкага парадку.
svaboga.org/яс