Баранавіцкія актывісты плянуюць правесьці акцыі на 26-га красавіка й 1-га мая
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
19.04.2017 18:07
У гарвыканкам накіраваныя заяўкі на правядзеньне ў гэтыя дні ў цэнтры гораду шэсьця й мітынгу.
Баранавічы, цэнтар горадуcommons.wikimedia.org/Ruslan Raviaka/CC BY-SA 3.0
Баранавіцкія актывісты руху «За Свабоду» плянуюць правесьці акцыі на 26-га красавіка й 1-га траўня. Каардынатар руху «За Свабоду» па Берасьцейскай вобласьці Юрый Казакевіч, які пражывае ў Баранавічах, паведаміў БелаПАН, што ў гарвыканкам накіраваныя заяўкі на правядзеньне ў гэтыя дні ў цэнтры гораду шэсьця й мітынгу.
Паводле яго слоў, мэта акцыі 26 красавіка – «выказаць пратэст супраць недастатковых мер, якія прымаюцца ўладамі па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і будаўніцтва АЭС у Беларусі».
У сваю чаргу 1 траўня яны плянуюць заклікаць жыхароў гораду да абʼяднаньня намаганьняў «у барацьбе за свае сацыяльна-эканамічныя правы, а таксама запатрабаваць адмены дэкрэту № 3, павышэньня заробкаў і пэнсій, зьніжэньня беспрацоўя».
Палітык адзначыў, што заяўнікам акцый выступіў актывіст руху «За Свабоду» Аляксандр Слабодзін.
«У нашым горадзе ён адзін зь нямногіх актывістаў дэмсіл, якіх на працягу года не прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, і паводле закону Слабодзін можа выступаць арганізатарам плянаваных намі акцый», – адзначыў Казакевіч.
nаviny.by/вс