Logo Polskiego Radia
Print

Заяўнікаў акцыі з нагоды Дня Волі запрасілі ў Мeнгарвыканкам

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 21.03.2017 12:32
Заяўка на правядзеньне шэсьця з нагоды Дня Волі падавалася ў Менгарвыканкам двойчы.
Foto: Kasia_Jot/flickr.com

Заяўнікам акцыі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі прапанавалі 22 сакавіка ў 15 гадзін прыйсьці на сустрэчу ў Мeнгарвыканкам, хоць 20 сакавіка аналягічная сустрэча была адменена.

Як паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэньні партыі „Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, заяўнікі акцыі ўсё яшчэ не атрымалі адказу ад уладаў на заяўку, хоць па законе павінны былі яго мець 20 сакавіка.

Заяўка на правядзеньне шэсьця з нагоды Дня Волі падавалася ў Мeнгарвыканкам двойчы, першы раз — 6 студзеня. Улады далі адмоўны адказ. У лісьце за подпісам кіраўніка справамі гарвыканкама Ганны Мацельскай гаварылася, што ў гарвыканкам быў пададзены толькі дакумэнт пад назвай „Абавязацельствы па арганізацыі й правядзеньні масавага мерапрыемства (дэманстрацыі)”, у той час як сама заяўка на правядзеньне шэсьця пададзеная не была.

Акрамя таго, улады горада ўгледзелі ў дзеяньнях заяўнікаў парушэньне закона „Аб масавых мерапрыемствах”, які гаворыць, што „арганізатары масавага мерапрыемства ня маюць права аб'яўляць у СМІ, сетцы інтэрнэт або іншых інфармацыйных сетках аб даце, месцы й часе яго правядзеньня, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай улёткі, плякаты й іншыя матэрыялы”. На падставе гэтага, паведаміў Мeнгарвыканкам, „станоўча вырашыць разгляданае пытаньне” аб дазволе шэсьця ў Дзень Волі „не ўяўляецца магчымым”. Заяўнікі акцыі, у сваю чаргу, сьцьвярджалі, што ў студзені ў Менгарвыканкам быў перададзены ўвесь пакет неабходных дакумэнтаў.

Другая заяўка на правядзеньне Дня Волі была пададзеная ў гарвыканкам 8 лютага. Подпісы пад заяўкай паставілі сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, член Партыі БНФ Зьміцер Касьпяровіч, прадстаўнік руху „За Свабоду” Аляксандр Русевіч, Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ягор Віняцкі й руху салідарнасьці „Разам” Аляксандр Макаў.

У абодвух выпадках заяўнікі прасілі дазволіць збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук і шэсьце па праспэкце Незалежнасьці да парку Янкі Купалы.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт