„Белгазпрамбанк” вярнуў у Беларусь кнігу Скарыны
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
17.02.2017 11:44
„Малая падарожная кніжка”, надрукаваная Францішкам Скарынам у Вільні ў 1522 годзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com
У год 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня карпаратыўную калекцыю „Белгазпрамбанка” папоўніў помнік нацыянальнай кніжнай культуры — „Малая падарожная кніжка”, надрукаваная Францішкам Скарынам у Вільні ў 1522 годзе.
Экспэрты лічаць менавіта яе першай кнігай, выдадзенай на беларускіх землях, паведамляецца ў прэс-рэлізе банка. На сёньня гэта адзіны экзэмпляр дадзенай кнігі ў Беларусі.
У 1520 годзе Скарына прыехаў у Вільню й пры падтрымцы бургамістра Якуба Бабіча ў 1522 годзе выдаў „Малую падарожную кніжку”, а ў 1525 годзе - „Апостал”.
„Малая падарожная кніжка” (таксама называецца „кніжыцай”) - гэта збор царкоўных кніг невялікага фармату, прызначаных для падарожнікаў.
Гэта больш, чым проста адно выданьне: 18 кніг, сабраных разам у адзін пераплёт. Яны ўпрыгожаныя ўнікальнымі гравюрамі, застаўкамі й ініцыяламі. Дзевяць кніг маюць пасьляслоўе самога Скарыны.
Поўных экзэмпляраў „Малой падарожнай кніжкі” не захавалася. Найбольш поўныя экзэмпляры маюцца ў бібліятэках Масквы, Капэнгагена й Санкт-Пецярбурга; самыя поўныя — у Расейскай нацыянальнай бібліятэцы (20 кніг), у Каралеўскай бібліятэцы ў Капэнгагене (18 кніг).
„Вяртаньне дадзенага ўнікальнага нацыянальнага артэфакта на радзіму менавіта ў год сьвяткаваньня 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня — неардынарная й знакавая падзея ня толькі для банка, але і для ўсёй краіны. Гэта дае нам магчымасьць прадэманстраваць адзінства беларускай і эўрапейскай культур, якое прайшло скрозь стагодзьдзі”, — адзначыў кіраўнік „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка.
У 2017 годзе адзначаецца 500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня: 6 жніўня 1517 года выйшаў „Псалтыр”, выдадзены Францішкам Скарынам у Празе.
belapan.com/аз