У Магілёве забаранілі „Марш недармаедаў”
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
14.02.2017 16:07
Уладзімер Шанцаў: Улады ў любым выпадку не далі б дазволу на правядзеньне акцыі.
commons.wikimedia.org/Александр Липилин - http://lipilin2010.livejournal.com/ CC BY-SA 2.5
Магілёўскія ўлады адмовілі апазыцыі ў правядзеньні 19 лютага „Маршу недармаедаў”.
„Улады спасылаюцца на адпаведнае рашэньне гарвыканкаму, дзе вызначана месца для правядзеньня акцыяў — на ўскраіне гораду на закінутым стадыёне. Мы ж хацелі правесьці марш на вуліцы Ленінскай”, — распавёў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў, які падаваў заяўку ў гарвыканкам.
Шанцаў мяркуе, што ўлады ў любым выпадку не далі б дазволу на правядзеньне „Маршу недармаедаў” — нават на ўскраіне гораду.
„Нават пры выкананьні ўсіх умоў яны звычайна знаходзяць нагоду ня даць дазволу. Спробы раней былі”, - лічыць актывіст.
Ён падкрэсьліў, што ня будзе заклікаць людзей выходзіць на несанкцыянаваную акцыю 19 лютага, але сам у прызначаны час, то бок а 12-й будзе гуляць па вуліцы Ленінскай.
svaboda.org/аз