Зубры – нашчадкі вымерлых быкоў, якія жылі ў Францыі
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
28.12.2016 19:15
Генэтыкі раскрылі таямніцу паходжаньня валадароў Белавескай пушчы.
pixabay.com
Вучоныя раскрылі паходжаньне зуброў з Белавескай пушчы. Аказваецца, іх продкі прыйшлі ў Беларусь і Польшчу з Пірэнейскіх гор – паведамляе Радыё «Свабода» са спасылкай на часопіс Newsweek.
Сёньняшнія белавескія зубры – гэта нашчадкі вымерлых старажытных быкоў, якія жылі некалі на тэрыторыі Францыі, і чые выявы пакінулі на сценах пячораў у Пірэнейскіх гарах паляўнічыя ледавіковай эпохі. У выніку генэтычных дасьледаваньняў высьветлілася, што сучасныя зубры ўзьніклі каля 120 тысячаў гадоў таму ў выніку скрыжаваньня празуброў і тураў. Нашчадак двух вымерлых відаў змог перажыць зьмены клімату і выжыў падчас выміраньня эўраазіяцкай мэгафаўны.
На пачатку ХХ стагодзьдзя зубры амаль зьніклі з паверхні зямлі. Падчас Першай сусьветнай вайны немцы, а таксама мясцовае насельніцтва, забівалі жывёл на мяса. За некалькі гадоў пушча амаль цалкам апусьцела. Выжылі толькі 54 зубры. Аднаўленьнем папуляцыі заняліся ўлады Польшчы ў 1929 годзе. Сёньня папуляцыя белавескіх зуброў па абодва бакі беларуска-польскай мяжы налічвае больш за тысячу галоваў.
Svaboda.org/ап