Міністэрства аховы здароўя вырашыла не забараняць крыжыкі
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
27.12.2016 10:31
Спрэчная пастанова была адпраўленая на дапрацоўку.
pixabay.com
Міністэрства аховы здароўя Беларусі вырашыла дапрацаваць праект пастановы аб нормах мэдыцынскай этыкі, які выклікаў абурэньне вернікаў. Пра гэта паведамляе партал TUT.BY са спасылкай на афіцыйны сайт Міністэрства аховы здароўя.
«Прапановы й заўвагі, якія паступілі ў Міністэрства аховы здароўя, прынятыя да ўвагі», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні. Міністэрства абяцае паведаміць аб паўторным грамадзкім абмеркаваньні праекту пастановы.
Праект, які абмяркоўваўся ў сьнежні, забараняў лекарам насіць на працы вопратку з празрыстых тканінаў, шыйныя хусткі, абутак на высокім абцасе. Згодна з дакумэнтам, забаранялася насіць халаты, якія не прыкрываюць дзьвюх трацінаў сьцягна. Таксама недапушчальным называлася адкрытае нашэньне рэлігійных сымбаляў.
Менавіта забарона на нашэньне рэлігійных сымбаляў выклікала крытыку праваслаўных і каталіцкіх вернікаў. Супраць плянаў забараніць мэдыкам насіць крыжыкі выказаліся кіраўнікі абедзьвюх канфэсіяў у Беларусі.
TUT.BY/ап