Logo Polskiego Radia
Print

Будслаўскі фэст не ўнесьлі ў сьпіс спадчыны ЮНЭСКА

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 05.12.2016 15:41
Рашэньне прыняў Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны арганізацыі.
Wikipedia/kvit84/CC BY-SA 3.0

Сэсія камітэта прайшла ў Адыс-Абэбе ў Этыёпіі з 28 лістапада па 2 сьнежня. Як стала вядома, пытаньне аб унясеньні ў Рэпрэзэнтатыўны сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва Будслаўскага фэсту — сьвята католікаў Беларусі ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай — адкладзенае.

Паведамляецца, што дасье будзе разгледжанае ў наступным намінацыйным цыкле ў зьвязку з заўвагамі экспэртнай рады, якая запатрабавала дадатковую інфармацыю, у прыватнасьці, аб мерах па ахове традыцыі. Таксама экспэрты папрасілі больш падрабязна раскрыць ролю пілігрымаў і мясцовых жыхароў у інвэнтарызацыі і захаваньні гэтай культурнай каштоўнасьці.

Будслаўскі фэст праходзіць штогод у пачатку ліпеня ў Мядзельскім раёне Менскай вобласьці. Фэст зьбірае тысячы пілігрымаў, многія з якіх прыходзяць пешшу з розных куткоў Беларусі, для ўдзелу ў сьвяце ў гонар Панны Марыі.

Акрамя Будслаўскага фэсту, у наступны раз Беларусь прадставіць да ўнясеньня ў сьпіс старадаўні абрад «Юраўскі карагод», які мае як паганскія, так і хрысьціянскія карані і праходзіць у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласьці.

Паводле katolik-gomel.by /Наша Ніва/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт