У Беларусі зьявіцца жаночая партыя
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
24.11.2016 11:54
Пра пераўтварэньне ў палітычную партыю заявіла Беларуская жаночая ліга, якую ўзначальвае гісторык і грамадзкі дзеяч Ніна Стужынская.
Ніна Стужынская. Фота: svaboda.orgsvaboda.org
У Беларусі будзе створаная жаночая партыя – паведамляе агенцтва БелаПАН. Пра пераўтварэньне ў палітычную партыю заявіла Беларуская жаночая ліга, якую ўзначальвае гісторык і грамадзкі дзеяч Ніна Стужынская.
Яна мяркуе, што беларускае грамадзтва гатовае прыняць жанчын у палітыцы. У якасьці прыкладу Ніна Стужынская прыводзіць даволі пасьпяховыя кампаніі лідаркі руху «Гавары праўду» Тацьцяны Караткевіч, якая вылучалася на нядаўніх прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах. Спадарыня Стужынская лічыць, што існуючыя партыі мала ўвагі ўдзяляюць пытаньням раўнапраўя мужчынаў і жанчынаў.
Ніна Стужынская прыгадвае, што жаночая партыя «Надзея», якая была ліквідаваная рашэньнем Мінюсту ў кастрычніку 2007 г., некалі мела сур’ёзную падтрымку ў грамадзтве. На бліжэйшых мясцовых выбарах яна плянуе вылучыць сваю кандыдатуру. Пытаньні, якія дэпутаты павінны сёньня ставіць найперш – гэта здароўе, адукацыя і сувэрэнітэт Беларусі, мяркуе Ніна Стужынская.
Лідарка Беларускай жаночай лігі паведаміла, што сёньня яе арганізацыя аб’ядноўвае каля 100 актывістак.
БелаПАН/ап