З новага года камуналка падаражэе як мінімум на 10 рублёў
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
19.10.2016 15:43
У далейшым на працягу года, хутчэй за ўсё, беларусаў чакае яшчэ адно павышэньне тарыфаў.
Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Кошт жыльлёва-камунальных паслуг з 1 студзеня 2017 года вырасьце прыкладна на 10 рублёў, пры гэтым у далейшым на працягу года, хутчэй за ўсё, беларусаў чакае яшчэ адно павышэньне тарыфаў.
Пра гэта паведаміў падчас круглага стала на сайце БелТА першы намесьнік міністра эканомікі Беларусі Аляксандар Забароўскі, кажучы аб ходзе перамоваў з МВФ аб пачатку новай праграмы, якая, нагадаем, прадугледжвае выдзяленьне крэдыту Беларусі ў памеры каля трох мільярдаў даляраў.
Паводле яго слоў, усе пытаньні ў асноўным узгоднены, за выключэньнем падвышэньня тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі.
«Адносна 2017 года мы гаворым пра тое, што з 1 студзеня, як і належыць у адпаведнасьці з дзеючым заканадаўствам, адбудзецца павышэньне кошту паслуг жыльлёва-камунальных паслуг прыблізна на 10 рублёў», – сказаў Забароўскі.
Ён таксама нагадаў, што да канца 2017 года беларусы павінны будуць аплачваць 75% ад кошту ЖКП, а да канца 2018 года – на 100%.
Беларускі партызан/ав