Logo Polskiego Radia
Print

27 верасьня - прэзэнтацыя рамана Віктара Марціновіча

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 21.09.2016 17:19
Пісьменьнік распавядзе пра свой «самы шчыры раман з напісаных дагэтуль».

Кампанія «Будзьма беларусамі!», літаратурны клюб GRAPHO і Галерэя TUT.BY запрашаюць 27 верасьня на прэзэнтацыю рамана Віктара Марціновіча «Возера Радасьці».

Віктар Марціновіч распавядзе пра свой «самы шчыры раман з напісаных дагэтуль» і адкажа на пытаньні чытачоў, якія пасьпелі пазнаёміцца з ягонай пятай па ліку кнігай. Але ня толькі аўтар возьме ўдзел у прэзэнтацыі: сваімі ўражаньнямі ад кнігі падзеляцца Барыс Пастарнак, генэральны дырэктар выдавецкага дома «Время», у якім пабачыла сьвет рускамоўнае выданьне кнігі; Барыс Пятровіч (Сачанка), старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў, а таксама культуроляг Максім Жбанкоў.

Аўтар раскрые сакрэт, чаму ўжо другую сваю кнігу ён давярае перакладаць на беларускую мову толькі літаратару Віталю Рыжкову, а сам Віталь і лёгкаатлетка Аліна Талай зачытаюць фрагмэнты рамана, якія найбольш прыйшліся ім даспадобы.

І гэта яшчэ не ўсё! Сяргей Доўгушаў і гурт «Vuraj» аздобяць вечарыну сваім выступам. Вядоўцам мерапрыемства будзе літаратар і шоўмэн Усевалад Сьцебурака. Аўтары найбольш цікавых пытаньняў атрымаюць падарункі ад кампаніі «Будзьма беларусамі!». Падчас прэзэнтацыі можна будзе набыць і падпісаць кнігу.

27 верасьня, 19.00, Галерэя TUT.BY (пр-т Дзяржынскага, 57, 9 паверх), уваход вольны.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт