Logo Polskiego Radia
Print

Міліцыя адшукала хуліганаў, якія зьбілі мужчыну ў сталічным тралейбусе

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 19.09.2016 17:36
На ўстанаўленьне асобы й вышук хуліганаў праваахоўнікам спатрэбілася ўсяго тры дні.
Тралейбус МАЗ-103Т на вуліцах МенскаТралейбус МАЗ-103Т на вуліцах Менскаcommons.wikimedia.org/Public Domain

Міліцыя адшукала хуліганаў, якія зьбілі ў канцы лета мужчыну ў сталічным тралейбусе з-за просьбы зрабіць музыку цішэй. Імі аказаліся вучні адной са сталічных школ. Пра гэта tut.by распавёў прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.
«Усе трое – навучэнцы адной са сталічных школ. Двум падлеткам па 16 гадоў, яны вучні 10-га кляса. Яшчэ адзін непаўналетні, 15-гадовы вучань 9-га кляса ўжо стаяў на ўліку ў інспэкцыі па справах непаўналетніх», – распавялі ў міліцыі.

У дачыненьні да непаўналетніх узбуджаная крымінальная справа па ч.2 арт. 339 (Злоснае хуліганства). Максымальны тэрмін па гэтым артыкуле прадугледжвае да 6 гадоў пазбаўленьня волі, але на практыцы ў дачыненьні да непаўналетніх выносіцца больш мяккае пакараньне.

У міліцыі таксама адзначылі, што на ўстанаўленьне асобы й вышук хуліганаў спатрэбілася ўсяго тры дні.

Нагадаем, 24 жніўня прыблізна ў 0.30 у тралейбус трэцяга маршруту зайшлі трое хлопцаў і дзяўчына. Кампанія паводзіла сябе агрэсіўна, слухала гучную музыку. Адзін з пасажыраў, 45-гадовы мужчына, зрабіў заўвагу й папрасіў зьменшыць гук. Гэта не спадабалася маладым людзям – яны пачалі зьбіваць яго ў тралейбусе й працягнулі гэта рабіць на прыпынку грамадзкага транспарту «Аўтазаводзкая».

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт