На білбордзе пра Скарыну паблыталі стагодзьдзе й зрабілі 4 памылкі (ФОТА)
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
08.08.2016 18:02
Пільныя менчукі заўважылі, што аўтары білборда нарабілі на надпісе шмат памылак.
фота: Эўрарадыё
На скрыжаваньні вуліц Першамайскай і Пуліхава ў Менску зьявіўся білборд з сацыяльнай рэклямай, прысьвечанай Году культуры. Пільныя менчукі заўважылі, што аўтары білборда нарабілі на надпісе шмат памылак.
На білбордзе паведамляецца: «Помнік Францыску Скарыне, асветніку і грамадскому дзеячу XV стагоддзя ў Мінску».
Між тым навукоўцы лічаць, што беларускі першадрукар нарадзіўся каля 1490 года. Такім чынам, у XV стагодзьдзі ён пасьпеў пражыць каля дзесяці гадоў. Асьветай і грамадзкай дзейнасьцю ён займаўся толькі ў наступным, XVI стагодзьдзі.
У «Менскрэкляме», якая займалася распрацоўкай білборда, паведамілі, што карцінку й тэкст ім зацьвярджалі ў аддзеле ідэалёгіі Менгарвыканкама. Работніца «Менскрэклямы» пагадзілася, што ў тэксьце дапушчаная памылка з указаньнем стагодзьдзя, і паабяцала выправіць.
Дарэчы, гэта не адзіная памылка ў тэксьце. Правільны тэкст павінен выглядаць так: «Помнік Францыску СкарынУ, асветніку і грамадскАму дзеячу XVI стагоддзя, У Мінску».
эўрарадыё/вс