Logo Polskiego Radia
Print

Госьці Мірскага замка змогуць пакаштаваць стравы кухні Радзівілаў

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 03.08.2016 16:03
Экскурсія з элемэнтамі дэгустацыі – абсалютна новы турыстычны прадукт для музэя.
Alexxx1979/Wikipedia/CC BY-SA 4.0

«Экскурсія з элемэнтамі дэгустацыі – абсалютна новы турыстычны прадукт для музэя. Аналягаў не было раней ні ў нас, ні ў іншых музэях краіны. Гэта яшчэ адзін эфэктыўны інструмэнт для прыцягненьня як беларускіх, так і замежных турыстаў, паколькі такім чынам можна прадэманстраваць багацьце нацыянальнай беларускай кухні, яе калярыт і самабытнасьць», – сказалі ў музэі.

Наведвальнікі Мірскага замка могуць адправіцца «У госьці да Пане Каханку» – экскурсія пад такой назвай нядаўна папоўніла праграму музэя. Сустракаць гасьцей будуць галоўны лоўчы пан Мацей (ён раскажа наведвальнікам аб паляваньні) і цыганскі кароль Ян Марцінкевіч, які парадуе ўсіх танцамі.

Ня менш цікавай стане сустрэча з княгіняй Тэафіліяй Канстанцыяй, якая растлумачыць гасьцям, як можна размаўляць з дапамогай веера. Удзельнікі самі стануць героямі тэатралізаванага паказу: яны змогуць апрануць адзеньне той эпохі й нават выканаць ролю ў інсцэніроўцы, словы для якой прапануюць тут жа.
Пасьля экскурсіі па рэканструяваных памяшканьнях падвала турыстаў чакае дэгустацыя напіткаў і страў нацыянальнай беларускай кухні. Госьці замкавага комплексу атрымаюць магчымасьць пакаштаваць паштэт з мяса лася й каўбасу з дзічыны, паспрабаваць такія беларускія напіткі, як крамбамбуля й медавуха.

Каб трапіць на гэтую экскурсію, неабходна падаць заяўку не пазьней як за 10 дзён. Экскурсія разьлічана на турыстычную групу з 10-15 чалавек, яе працягласьць – каля гадзіны.

Белта/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт