Забойца Міхаіла Пішчэўскага вяртаецца за краты
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
29.07.2016 15:10
Праваабаронцы й родныя Пішчэўскага перакананыя, што прычынай канфлікту стала сэксуальная арыентацыя Міхаіла.
pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0
Суд Цэнтральнага раёна Менска вынес свой трэці прысуд па справе Міхаіла Пішчэўскага, які быў зьбіты пасьля гей-вечарыны ў траўні 2014 года й праз 17 месяцаў памёр. Абвінавачваны – 32-гадовы Дзьмітрый Лукашэвіч – прызнаны вінаватым у хуліганстве й прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці ды прыгавораны да трох гадоў пазбаўленьня свабоды.
Прысуд абвясьціла судзьдзя Вікторыя Шабуня, пасьля чаго Лукашэвіча ўзялі пад варту ў зале суда.
Праваабаронцы й родныя Пішчэўскага перакананыя, што прычынай канфлікту стала сэксуальная арыентацыя Міхаіла, – нагадвае праваабаронца й ЛГБТ-актывістка Натальля Манькоўская.
«Гамафобныя абразы, якія гучалі ў адрас пацярпелага, канешне, даюць падставы лічыць, што Лукашэвіч ударыў Пішчэўскага, таму што палічыў, што ён гей», – сказала Манькоўская. Паводле яе, такога роду злачынствы павінны быць пад асаблівым кантролем. Праваабаронца лічыць, што павінна існаваць дзяржаўная праграма па прафіляктыцы з тымі, хто можа зьдзяйсьняць такія злачынствы, каб больш ніколі гэта не паўтаралася.
Пакараньне, з улікам ужо адбытага тэрміну, Дзьмітры Лукашэвіч будзе адбываць у папраўчай калёніі агульнага рэжыму.
Гэта ўжо другая яго адседка. Першы раз яго прысудзілі да 2,5 гадоў, але не адсядзеўшы й паловы тэрміну, ён выйшаў паводле амністыі.
Пасьля сьмерці Міхаіла Пішчэўскага крымінальную справу аднавілі ў сувязі з тым, што «паўсталі больш цяжкія наступствы ў выглядзе сьмерці пацярпелага».
радыё рацыя/вс