Паўла Вінаградава не засудзілі за бел-чырвона-белыя сьцягі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
26.07.2016 16:26
Суд адправіў адміністрацыйныя пратаколы на дапрацоўку.
pixabay.com/Public Domain CC0
Першамайскі раённы суд Менску адправіў адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя на грамадзкага актывіста Паўла Вінаградава, на дапрацоўку. Пра гэта Вінаградаў паведаміў Свабодзе.
Паўла Вінаградава вінавацілі ў правядзеньні незаконнага пікетаваньня і ў абразе міліцыянта.
„Я зьдзіўлены. Ня ведаю, што здарылася. Пратакол за абразу наогул трэба скасаваць. Тут хаця б зразумела, чаму яго на дапрацоўку адпраўляюць — ён слабы. А па артыкулу 23.34 (незаконнае масавае мерапрыемства — РС) — ня ведаю. Я ж не адмаўляюся, што я там быў. Хаця я ня быў згодны з артыкулам, бо, на мой погляд, гэта было ніякае ня масавае мерапрыемства й не пікетаваньне — гэта сама больш парушэньне парадку. Але чамусьці адправілі на дапрацоўку. Магчыма ў сувязі з апошнімі тэндэнцыямі ў палітычным жыцьці краіны (што трэба выбары правесьці чыста й актывістаў ня садзяць) яны проста ня надта разумеюць, што трэба рабіць і вырашылі забясьпечыцца. Магчыма так. А магчыма судзьдзя Гарбатоўскі падумаў, што ня буду я больш судзіць палітычных актывістаў, а буду харошым. І вось будзе цяпер харошым”, — сьмяецца Павал Вінаградаў.
26 чэрвеня моладзевая суполка „Zмена” вывесіла на мосьце гірлянду з 20 бел-чырвона-белых сьцягоў, а на прыпынках — сьцягі й плякаты з выявай Вінаградава, які паказвае сярэдні палец, і надпісам „Дзякуй за нагляд”.
Гэта стала рэакцыяй на тое, што 7 чэрвеня суд Маскоўскага раёну Менску ўсталяваў над Вінаградавым паўгадавы прэвэнтыўны нагляд. Паводле самога Паўла, мэтай акцыі было „перадаць прывітаньне ўсім тым грамадзянам, якія захацелі ўстанавіць нагляд на паўгода, калі тэрмін судзімасьці заставаўся тры з паловай месяцы”.
svaboda.org/аз