Беларускія спэцслужбы неабмежавана могуць сачыць за грамадзянамі
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Valery Sauko
                        
                        08.07.2016 14:20
                    
                                 
                
                
                    Правайдары й мабільныя апэратары абавязаныя прадастаўляць уладам доступ у любы час і да якіх заўгодна дадзеных.
                
                
                    
                         pixabay.com/Public Domain CC0
pixabay.com/Public Domain CC0
                     
                
                
                
               
                
                         Міжнародная няўрадавая арганізацыя Amnesty International на днях апублікавала справаздачу, у якой паведамляецца, што ў Беларусі спэцслужбы выкарыстоўваюць мабільных апэратараў для неабмежаванага сачэньня за грамадзянамі.
У справаздачы Amnesty International паведамляецца, што кампаніі, якія працуюць у Беларусі, абавязаныя прадастаўляць уладам доступ у любы час і да якіх заўгодна дадзеных. Таму, калі КДБ хоча за кімсьці шпіёніць, яму не патрэбны ордэр й ня трэба прасіць кампанію аб доступе.
Спэцыяліст па інфармацыйнай бясьпецы Ільля П. кажа, што тэхнічна ўсе мабільныя апэратары й інтэрнэт-правайдары павінны ўсталяваць у сябе адмысловы тэрмінал пад назвай СОРМ – сыстэму тэхнічных сродкаў для правядзеньня апэратыўна-пошукавых мерапрыемстваў.
Фактычна, гэты тэрмінал дае бесьперапынны доступ да любой інфармацыі на сэрвэрах правайдараў і мабільных апэратараў. Спэцыяліст тлумачыць, што праз СОРМ інфармацыю пра карыстальнікаў супрацоўнікі спэцслужбаў могуць браць бесьперапынна, у любой колькасьці й калі заўгодна. Пра сам факт атрыманьня інфармацыі правайдары могуць і ня ведаць.
Пра гэтую практыку паведамілі і ў прэс-службе інтэрнэт-правайдара «Атлант-Тэлеком».
эўрарадыё/вс