Logo Polskiego Radia
Print

Туркмэністан зацікаўлены беларускімі бесьпілётнікамі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 25.06.2016 12:29
Краіна плянуе выкарыстоўваць іх для назіраньня за тэрарыстычнай абстаноўкай.
Photo: pixabay.com

Туркмэністан зацікаўлены ў выкарыстаньні беларускіх бесьпілётных авіякомплексаў і дырыжабляў для назіраньня за тэрарыстычным становішчам у сярэднеазіяцкім рэгіёне, паведамляе прэс-служба Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі са спасылкай на дырэктара Навукова-вытворчага цэнтра шматфункцыянальных бесьпілётных комплексаў НАНБ Юрыя Яцыну.

Туркмэністан цікавяць бесьпілётнікі з радыюсам дзеяньня да 290 км, якія сэрыйна вырабляюцца ў Беларусі. Бесьпілётныя апараты, як чакаецца, дапамогуць весьці назіраньне на працяглых прыморскіх участках у памежнай зоне, у цяжкадаступнай горнай і пустыннай мясцовасьці. Падобная цікавасьць зьвязаная з абвостранай сытуацыяй у Сярэдняй Азіі, у прыватнасьці з пастаяннай актыўнасьцю тэрарыстычных фарміраваньняў у Афганістане, Пакістане, а таксама ў сувязі з апошнімі выпадкамі тэрарыстычнай актыўнасьці ў Казахстане і Ўзбэкістане.

У НПЦ шматфункцыянальных бесьпілотных комплексаў распрацаваная цэлая сэрыя невялікіх авіякомплексаў пад агульнай назвай „Бусел”, якія здольныя ажыцьцяўляць маніторынг мясцовасьці й асобных аб'ектаў. Апараты з гэтай сэрыі здольныя працаваць у радыюсе 25-70 км ад пункту запуску.

Сёлета Беларусь ужо пастаўляла ў Туркмэністан беспілётныя лятальныя апараты. Акрамя таго, у гэтай краіне асвойваецца сэрыйная вытворчасьць узораў беларускай бесьпілётнай тэхнікі на ліцэнзійнай аснове.

Распрацаваныя ў НАН Беларусі бесьпілётныя авіякомплексы сёньня актыўна выкарыстоўваюцца замежнымі дзяржавамі, у прыватнасьці Віетнамам, Расеяй і іншымі краінамі.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт