Logo Polskiego Radia
Print

Міліцыя пагражае крымінальнай адказнасьцю за экалягічны пікет

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.06.2016 14:52
Вітольд Ашурак атрымаў папярэджаньне раней, чым адмову з гарвыканкаму.
flickr.com/Gene Han

Актывіст зь Бярозаўкі Лідзкага раёну Вітольд Ашурак атрымаў папярэджаньне зь Лідзкага РАУС раней, чым адмову зь мясцовага гарвыканкаму на правядзеньне пікету супраць экалягічна шкоднай вытворчасьці шклаваты ў Бярозаўцы.

У афіцыйным папярэджаньні зь Лідзкага РАУС гаворыцца, што апроч адміністрацыйнай адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванага пікету Ашурак можа быць прыцягнуты й да крымінальнай адказнасьці паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу.

Сам Ашурак, які ўжо аднойчы быў пакараны за правядзеньне несанкцыянаванага пікету супраць пагаршэньня экалягічнай сытуацыі ў сваім гарадку на 20 базавых велічынь, быў зьдзіўлены апэратыўнасьцю міліцыянтаў.

„Мяне зьдзівіла тое, што я яшчэ не атрымаў адказу з гарвыканкаму на права правядзеньне пікету, а міліцыянты ўжо нясуць папярэджаньне. Я напісаў скаргу ў РАУС і пракуратуру раёна на тое, што міліцыянты мяне палохаюць крымінальнай адказнасьцю, занёс яе на пошту, адправіў, а толькі потым атрымаў ліст з гарвыканкаму”, сказаў Ашурак.

У правядзеньні пікету гарвыканкам Ашурку адмовіў. Бо той, маўляў, ужо ладзіў несанкцыянаваныя пікеты ў сваім гарадку.

Ашурак ужо выходзіў на пікет з прычыны таго, што ў мястэчку пасьля запуску вытворчасьці шклаваты на працягу году значна пагоршылася экалягічная сытуацыя: на вуліцы чуваць хімічны пах, пачалі хварэць дзеці.

„Калі раптам ізноў зьявіцца гэты хімічны пах, і цяжка будзе дыхаць, то я пайду на пікеты нават без дазволу, бо здароўе маіх дзяцей мне даражэйшае за ўсё”, - кажа актывіст.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт