Logo Polskiego Radia
Print

У Горадні міліцыянты дзьве гадзіны трымалі 100-кіляграмовы слуп (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 14.06.2016 19:02
Тэхніка не магла праехаць на месца з-за натоўпаў людзей на фэстывалю нацыянальных культур.

У Горадні міліцыянты дзьве гадзіны трымалі 100-кіляграмовы ліхтарны слуп, каб ён не зваліўся на ўдзельнікаў XI Рэспубліканскага фэстывалю нацыянальных культур.

Як інфармуе прэс-служба УУС Гарадзенскага аблвыканкама, у масавых гуляньнях паўдзельнічала каля 120 тысяч чалавек. Шмат людзей было на Савецкай вуліцы. Менавіта там да маёра міліцыі Сяргея Мулярчыка й малодшага лейтэнанта Марка Юхневіча падбегла жанчына й паведаміла, што каля ўнівэрмага на людзей... падае слуп. Высьветлілася, што сапраўды ён нахіліўся й гойдаўся з боку ў бок.

Міліцыянты папрасілі людзей не падыходзіць блізка, дапамаглі вулічным гандлярам перанесьці свае столікі з таварам, а самі сталі ўтрымліваць ліхтарны слуп. На дапамогу афіцэрам прыбыў палкоўнік міліцыі Вячаслаў Баклага, які выклікаў супрацоўнікаў камунальных службаў. На месца здарэньня прыбылі яшчэ два маёры міліцыі, якія пратрымалі слуп яшчэ паўтары гадзіны – тэхніка не магла праехаць на месца з-за натоўпаў людзей на вуліцы.

Нарэшце рабочыя прыйшлі на дапамогу міліцыянтам і канструкцыю пасьпяхова дэмантавалі.

эўрарадыё/вс

фота: прэс-служба УУС Гарадзенскага аблвыканкама

на фота зьверху: маёр міліцыі Сяргей Мулярчык (зьлева) і малодшы лейтэнант Марк Юхневіч (справа)

/


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт