Logo Polskiego Radia
Print

Суд не прыслухаўся да Паўла Вінаградава

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 07.06.2016 16:39
Судзьдзя вырашыў, што за Вінаградавым трэба ўвесьці прэвэнтыўны нагляд.
Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

7 чэрвеня Максім Сушко, судзьдзя суду Маскоўскага раёна Менска, вырашыў, што за „схільным да правапарушэньняў” Паўлам Вінаградавым трэба ўвесьці прэвэнтыўны нагляд, паведамляе „Наша Ніва”.

Патрабаваньне аб прэвэнтыўным наглядзе ў суд падалі нібыта таму, што Вінаградаў так і не стаў на шлях выпраўленьня. Паведамлялася, што ён падтрымлівае адносіны з раней асуджанымі, не рэагуе на прафіляктычную работу й працягвае парушаць заканадаўства — маюцца на ўвазе адміністратыўныя справы за ўдзел у сходах і мітынгах.

Сам Павел перадаў суду хадайніцтва, у якім указаў, што патрабаваньні аб наглядзе пярэчаць патрабаваньням беларускага заканадаўства. Ён патлумачыў гэта тым, што нагляд можа быць уведзены на тэрмін ня меншы за 6 месяцаў. Калі з яго здымуць судзімасьць — а гэта адбудзецца праз тры месяцы, — нагляд ня можа працягвацца. Аднак нагляд на тры месяцы заканадаўствам не прадугледжаны — можна толькі ад шасьці.

Праўда, прадстаўнік крымінальна-выканаўчай інспэкцыі распавёў, што, па яго плянах, нагляд скончыцца, акурат калі здымуць судзімасьць. Вінаградаў працягваў настойваць, што такое „вольнае ўжываньне” нагляду ўсё роўна парушае заканадаўства.

Вадзім Мушынскі, адвакат, прадстаўнік Вінаградава, паведаміў, што падставай для спыненьня нагляду можа быць зьняцьце судзімасьці.

„Але калі выносяць рашэньне аб 6-месячным наглядзе ў той час, калі ў чалавека 3 месяцы да зьняцьця судзімасьці, я лічу, гэта няправільна”, - сказаў ён.

Праўда, судзьдзя Максім Сушко палічыў, што ўсё нармальна. Нагляд устанавілі. Скончыцца ён у верасьні, калі з Паўла здымуць судзімасьць.

Паколькі нагляд — гэта прафілактычная мера, то 10-ці дзён на абскарджваньне ў Вінаградава няма. Адразу ў судзе яму прапанавалі падпісаць копію пастановы суду пра тое, што прэвэнтыўны нагляд уступае ў сілу.

nn.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт