Logo Polskiego Radia
Print

Нацыянальны кангрэс пройдзе 15 траўня ў сквэры Купалы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 14.05.2016 11:37
Аргкамітэт ня змог арандаваць неабходнае памяшканьне.
Photo:Liashko/wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

Беларускі нацыянальны кангрэс пройдзе 15 траўня ў сталічным сквэры Янкі Купалы. Пра гэта заявілі члены аргкамітэта кангрэса на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

Рашэньне правесьці кангрэс на адкрытым паветры было прынятае пасьля таго, як аргкамітэт ня змог арандаваць неабходнае памяшканьне. „Ёсьць палітычнае рашэньне ўладаў, накіраванае на зрыў кангрэса, — заявіў член аргкамітэта Мікалай Статкевіч. — Лічым, нам кінуты выклік, мы яго прымаем. Кангрэс набывае новы акцэнт — гэта будзе ня толькі пачатак працэсу аб'яднаньня апазыцыі, гэта будзе яшчэ й наш унёсак у барацьбу людзей за правядзеньне мірных сходаў”.

Аргкамітэт заклікаў грамадзян прыйсьці ў нядзелю апоўдні да помніка Янку Купалу ў аднайменны сквэр і падтрымаць дэлегатаў кангрэса ў іх барацьбе за права на мірныя сходы.

Аргкамітэт таксама зьвярнуўся да кіраўнікоў дыпляматычных прадстаўніцтваў замежных краін. „Многія з вас убачылі станоўчыя зьмены ва ўладзе. Прыйдзеце й пераканайцеся, ці так гэта”, — сказаў Статкевіч.

Акрамя таго, аргкамітэт заклікаў кіраўнікоў іншых апазыцыйных структур, якія не падтрымалі правядзеньне кангрэса, прыйсьці ў сквэр Янкі Купалы ў якасьці беларускіх грамадзян і падтрымаць патрабаваньні за свабоду правядзеньня мірных сходаў.

Арганізатары кангрэса спрабавалі знайсьці памяшканьне для яго правядзеньня, але ўсюды атрымлівалі адмову. Менгарвыканкам адмовіўся садзейнічаць пошуку памяшканьня для правядзеньня кангрэса.

Правядзеньне кангрэса дэмсіл з мэтай кансалідацыі апазыцыі ініцыявала ў сьнежні мінулага году група грамадзкіх дзеячаў, а неўзабаве вядомыя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясьцілі пра стварэньне аргкамітэта па падрыхтоўцы дэмакратычнага форуму. Апрача іх у склад аргкамітэта ўваходзяць Дзьмітрый Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саньнікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт