Logo Polskiego Radia
Print

Турыстаў, якія трапілі ў ДТЗ у Чэхіі, даставяць у Менск увечары

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 07.01.2016 14:14
У Чэхіі пасьля інцыдэнту зь беларускім аўтобусам застаюцца дзевяць грамадзян Беларусі.
Foto: pixabay.com

Беларускіх турыстаў, якія трапілі ў ДТЗ у Чэхіі, даставяць дадому ўвечары 7 студзеня. Пра гэта БЕЛТА паведаміла Натальля Алымава – прадстаўнік ТАА «Сільвертур», якое прадаставіла транспарт для перавозкі турыстаў.

Да месца знаходжаньня беларускіх турыстаў у Чэхіі аўтобус прыбыў увечары 6 студзеня. Тых, хто не пацярпеў, і каго выпісалі з бальніц, даставілі ва Ўроцлаў.

«Сёньня ноччу па мясцовым часе турысты начавалі ў Польшчы. У абед яны выехалі ў Беларусь», – сказала Натальля Алымава.

У Чэхіі пасьля інцыдэнту зь беларускім аўтобусам застаюцца дзевяць грамадзян Беларусі – шэсьць пацярпелых і трое суправаджальных асоб. Сваякі ўсіх пацярпелых у ДТЗ з беларускім аўтобусам паінфармаваныя.

Як паведамілі ў ТАА «Кампанія Боншанс», якая зьяўляецца арганізатарам паездкі, усе турысты застрахаваны ў двух беларускіх страхавых кампаніях. Ім будуць адрасаваныя страхоўкі для правядзеньня выплат.

ДТЗ з удзелам беларускага аўтобуса адбылося 6 студзеня ў першай палове дня паміж населенымі пунктамі Гаржычкі й Чэскі Скаліце (Чэхія). Турыстычная група з 49 чалавек, у якой былі дзеці разам з бацькамі, ехала з Прагі ва Ўроцлаў.

Белта/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт