Баранавічы: аблава на інтэрнэт-гандляроў
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
28.11.2015 15:56
Мужчыну, які гандляваў цацкамі й абуткам, суд прысудзіў да аднаго з паловай гадоў абмежаваньня волі й штрафу.
pixabay.com
Міліцыя й падатковая інспэкцыя праводзяць кантрольныя закупкі й лапаюць жыхароў Баранавічаў, якія гандлююць у сацыяльных сетках без рэгістрацыі ў якасьці індывідуальных прадпрымальнікаў. У гэтым годзе сьледчыя распачалі тры крымінальныя справы. Аднаго з гандляроў суд прыгаварыў да абмежаваньня волі й буйнога штрафа.
27-гадовая жыхарка Баранавіч у студзені 2013 года занялася продажам адзеньня праз сацыяльныя сеткі. Закупляла тавар у кітайскіх інтэрнэт-крамах, разьмяшчала аб’яву аб продажы на сваёй старонцы ў Аднаклясьніках. Як падлічылі фінансавыя службы, за два з паловай гады дзяўчына заключыла больш за 800 зьдзелак на агульную суму 230 млн рублёў.
Іншая жыхарка горада прадавала праз сацсеткі цюль і гардзіны, якія купляла ў Расеі й на рынку ў Горадні. З лютага 2012-га па лістапад 2014 г-га яна атрымала даход на суму больш за 500 млн рублёў.
Яшчэ адзін жыхар Баранавіч паўтара года прадаваў з дапамогай старонак у Аднакласьніках і Укантакце вопратку, абутак, цацкі й біжутэрыю. Ён зарабіў больш за 340 млн рублёў, – падлічылі ў міліцыі.
Усе трое зьбіралі заказы ій адпраўлялі тавар пакупнікам па пошце накладзеным плацяжом.
У дачыненьні да гэтых людзей сьледзтва ўзбудзіла крымінальныя справы па артыкуле «незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць». Супрацоўнікі фінансавай міліцыі не паведамляюць, як выйшлі на незаконных онлайн-гандляроў. Хутчэй за ўсё, іх раскрылі з дапамогай кантрольных закупак.
Мужчыну, які гандляваў цацкамі й абуткам, суд прысудзіў да аднаго з паловай гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў выпраўленчую ўстанову. Яго таксама абавязалі выплаціць увесь атрыманы даход. Іншыя абвінавачаныя чакаюць прысуду.
Да 2015 года да крымінальнай адказнасьці жыхароў г. Баранавічы, якія гандлявалі з дапамогай сацыяльных сетак, не прыцягвалі.
intex-press.by/ав