Logo Polskiego Radia
Print

Гарадзеншчыну «залівае» расейскі алькаголь

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 03.11.2015 15:54
Паводле лябараторных дасьледаваньняў безакцызная прадукцыя небясьпечная для здароўя.
flickr.com

Гарадзеншчыну «залівае» расейскі алькаголь. Павышэньне выпадкаў канфіскацыі безакцызнай гарэлкі й сьпіртных напояў тлумачыцца актывізацыяй алькагольнага «чорнага» рынку – на Гарадзеншчыне ў бягучым годзе выяўлена амаль дзьвесьце парушэньняў заканадаўства. Як зазначае старшыня абласной падатковай інспэкцыі Лідзія Сямашка, зьява выклікана шэрагам прычынаў як унутранага, так і зьнешняга характару. «На нашу гарэлачную прадукцыю, з улікам павелічэньня акцыза, павялічылася й цана. Але ў нашу рэспубліку, у нашу Гарадзенскую вобласьць у апошні час паступае прадукцыя расейскай вытворчасьці без расейскіх акцызных марак», – сказала галоўны падаткавік Гарадзенскай вобласьці.
У большасьці выпадкаў нелегальны алькаголь, выяўлены на тэрыторыі Гарадзеншчыны, – расейскага паходжаньня. Паводле лябараторных дасьледаваньняў безакцызная прадукцыя небясьпечная для здароўя. Агульная сума штрафаў, накладзеных на грамадзян за захоўваньне й распаўсюд кантрабанднага алькаголю, перавысіла 68 тысяч даляраў.

рацыя/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт