Logo Polskiego Radia
Print

Не даюць спакою галоўнаму рэдактару газэты «НАШ Магілёў»

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 31.10.2015 10:16
Міліцыі не атрымалася прыцягнуць Ігара Барысава да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці, цяпер ім занялася падатковая інспэкцыя.

Працягваецца ціск на галоўнага рэдактара газэты «НАШ Магілёў»

Пасьля таго, як у міліцыі не атрымалася прыцягнуць Ігара Барысава да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці, ім занялася падатковая інспэкцыя. Падаткавікі апытваюць знаёмых, сяброў, а таксама іншых грамадзян, якія хоць некалі мелі справу з журналістам.

28 кастрычніка пачаўся чарговы этап псыхалягічнага ціску на сям’ю Барысава. На мабільны тэлефон жонкі Ігара – Алены патэлефанаваў невядомы мужчына, які не прадставіўся, але назваўся старэйшым майстрам ТДА «Камунальнік» і сказаў, што яму неабходна патрапіць у кватэру, каб зрабіць сэзонны агляд камунікацый. Калі атрымаў адмову, то пачаў спасылацца на тое, што трэба таксама праверыць, ці ёсьць у кватэры перапляніроўка, а таксама ці стаяць пажарныя апавяшчальнікі. На ўсе свае просьбы ён атрымаў адмову.

- Дадзенаму грамадзяніну я патлумачыла, што здагадваюся, зь якой прычыны ён хоча патрапіць у нашу кватэру. Падчас далейшай размовы ён гэтага і не абвяргаў. Я яму ў катэгарычнай форме дала зразумець, што да нас у кватэру можна патрапіць толькі з санкцыі пракурора, – гаворыць юрыст Алена Барысава.

Вечарам Ігар і Алена прыехалі ў офіс ТДА «Камунальнік», дзе папрасілі прадставіць плян, у адпаведнасьці зь якім адбываецца сэзонны агляд кватэр, а таксама агляд пажарных апавяшчальнікаў.

- Ніякіх плянаў нам не паказалі, бо іх проста няма.

Нагадаем, што 12 сакавіка да Ігара Барысава прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Маючы санкцыю пракурора на агляд кватэры, яны забралі тры кампутары, мадэм, а таксама нататнік. Прычынай для візыту міліцыі стала скарга дырэктара ААТ «Стужка» Сяргея Пятрова, які палічыў, што ў адной з публікацый на сайце «НАШ Магілёў» на яго ўчынены паклёп.

Экспэртыза кампутараў ня выявіла датычнасьць Барысава да напісаньня і разьмяшчэньня гэтага артыкулу ў сетцы інтэрнэт, а лінгвістычная экспэртыза ня выявіла фактаў абразы Пятрова. Праверка ў межах крымінальнага артыкула «Паклёп» была скончана. Заведзеныя дзьве адміністрацыйныя справы (парушэньне закона аб СМІ, а таксама атрыманьне сродкаў на дзейнасьць выданьня з-за мяжы) былі таксама спынены.

Аднак запісы з нататніку Сьледчы камітэт перадаў у падатковую, якая вырашыла скласьці сумы, запісаныя ў ім, супаставіць іх з прыбыткамі, каб спагнаць падатак з сумаў у выпадку перавышэньня прыбытку. Цяпер падатковая інспэекцыя разам з камунальнікамі спрабуюць высьветліць матэрыяльны стан, у якім знаходзіцца сям’я Ігара Барысава.

spring96.org/яс

tags: ціск
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт