Logo Polskiego Radia
Print

Памёр гей М. Пішчэўскі, якога зьбілі ў 2014 годзе

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 27.10.2015 12:25
Мужчына, які зьбіў Пішчэўскага выйшаў з калёніі па амністыі.
nn.by

Памёр мінчанін Міхаіл Пішчэўскі, якога ў траўні 2014 году моцна зьбіў былы настаўнік фізкультуры Дзьмітрый Лукашэвіч.

Пра сьмерць Пішчэўскага напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку былы кіраўнік праваабарончага праекта „ГейБеларусь” Сяргей Андросенка.

Нагадаем, ноччу 25 траўня 2014 году Міхаіл Пішчэўскі быў моцна зьбіты на выхадзе зь менскага клюба, у якім праходзіла гей-вечарынка. Наведвальнікаў, якія выходзілі з установы, пачалі абражаць маладыя людзі, што знаходзіліся побач, пасьля чаго здарыўся канфлікт.

Пішчэўскі сур'ёзна пацярпеў у бойцы, а зламысьнікі, у тым ліку Лукашэвіч, што зьбіваў яго, уцяклі й з аркі суседняга дома назіралі за прыездам хуткай дапамогі й міліцыі. Там хлопцаў заўважыў адзін з відавочцаў, які самастойна затрымаў Лукашэвіча й перадаў яго супрацоўнікам міліцыі.

16 кастрычніка суд Цэнтральнага раёна Менска прызнаў Лукашэвіча вінаватым на падставе ч. 1 арт. 339 і арт. 155 Крымінальнага кодэкса. Яго прыгаварылі да пазбаўленьня волі на два гады й восем месяцаў з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі, а таксама абавязалі кампэнсаваць маральную шкоду, якая была ацэненая ў 100 млн. рублёў.

Бацькі Пішчэўскага абскардзілі прыгавор, палічыўшы яго занадта мяккім. Справа была адпраўленая на паўторны разгляд.

Пракурор прасіў прыгаварыць Лукашэвіча да сямі гадоў пазбаўленьня волі. Аднак 13 студзеня 2015 года суд Цэнтральнага раёна зноў прыгаварыў 31-гадовага абвінавачванага Дзьмітрыя Лукашэвіча да двух гадоў васьмі месяцаў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму. Разам з тым зьмяніліся сумы кампэнсацыі.

Сваякі пацярпелага заяўлялі, што нязгодныя з прыгаворам, але не будуць яго абскарджваць.

20 жніўня 2015 года Лукашэвіч выйшаў з калёніі па амністыі.

Тым часам пасьля апэрацыі Міхаіл Пішчэўскі праляжаў у коме каля месяца ў 5-й клінічнай бальніцы. Потым быў прыкуты да ложка дома. Вярнуцца да жыцьця яму так і не ўдалося.

Як растлумачыла праваабаронца Тацьцяна Равяка, паводле беларускага заканадаўства сваякі Пішчэўскага ня могуць абскардзіць прыгавор, таму што ён набыў законную моц і ўжо выкананы.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт