Logo Polskiego Radia
Print

Пракуратура не знайшла пацьвярджэньня на прымус да датэрміновага галасаваньня

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 15.10.2015 16:22
Пракуратура Слуцкага раёна падставаў для прыняцьця мер пракурорскага рэагаваньня не пабачыла.

Пракуратура Слуцкага раёна правяла праверку па факце прымусу да датэрміновага галасаваньня работнікаў дзіцячага санаторыя “Случ”, аднак падставаў для прыняцьця мер пракурорскага рэагаваньня не пабачыла.

Незалежны назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага Камітэту Віталь Амяльковіч падчас дачы тлумачэньняў пракурорскаму работніку падрабязна распавёў пра заяву сямейнай пары, што працуе ў дзіцячым санаторыі “Случ”, аб прымусе да датэрміновага галасаваньня з боку адміністрацыі. Прысутныя ж на слуцкім выбарчым участку №3 падчас заявы работнікаў санаторыя сябры камісіі Алена Рахманава і Ігар Дарашко не сталі пацьвярджаць пракуратуры гэтыя факты. Быў апытаны пракуратурай і дырэктар санаторыя Міхаіл Марчкоўскі. Паводле яго сьведчаньняў, адміністрацыя не змушала работнікаў да датэрміновага ўдзелу ў выбарах, а толькі правяла тлумачальную працу аб існаваньні такой магчымасьці.

Варта адзначыць, што аніяк не адрэагавала на факты прымусу да датэрміновага галасаваньня работнікаў дзіцячага санаторыя “Случ” і Цэнтральная выбарчая камісіі. Скаргу назіральніка з гэтай нагоды Ярмошына адсунула на разгляд у тэрытарыяльную выбарчую камісію, якая раней ужо адмовілася раэгаваць на парушэньне Выбарчага кодэксу.

spring96.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт