Міхалевічу зноў адмоўлена ў спыненьні крымінальнай справы
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Alena  Vialichka
                        
                        21.09.2015 13:44
                    
                                 
                
                
                    Хадайніцтва аб спыненьні справы Алесь Міхалевіч напісаў па вяртаньні ў Беларусь з палітычнай эміграцыі ў Чэхіі.
                
                
                    
                         
                     
                
                
                
               
                
                         Алесю Міхалевічу адмоўлена ў спыненьні ў дачыненьні да яго крымінальнай справы па факце масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 года, па якім ён праходзіць у якасьці абвінавачанага. Чарговае хадайніцтва аб спыненьні справы Алесь Міхалевіч напісаў па вяртаньні ў Беларусь з палітычнай эміграцыі ў Чэхіі.
Як паведаміў Міхалевіч БелаПАН, у афіцыйным апавяшчэньні за подпісам сьледчага па асабліва важных справах упраўленьня Сьледчага камітэта па Менску Дзьмітрыя Купкі гаворыцца, што ў задавальненьні хадайніцтва адмоўлена на падставе артыкулаў 36 і 137 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.
Першая дае сьледчаму права ўзбуджаць крымінальную справу й адмаўляць у яго ўзбуджэньні, а таксама спыняць і прыпыняць папярэдняе сьледзтва. Другі артыкул тычыцца тэрмінаў разгляду й дазволу хадайніцтваў. Алесь Міхалевіч мае права абскардзіць адмову па яго хадайніцтву ў вышэйшай інстанцыі.
Экс-кандыдат у прэзыдэнты раней ужо зьвяртаўся ў Сьледчы камітэт з хадайніцтвам аб спыненьні распачатай супраць яго крымінальнай справы.
БелаПАН/ав