Нацбанк выказаўся пра сытуацыю на валютным рынку Беларусі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
20.08.2015 15:10
Нацбанк: надалей курс рубля будзе моцна залежаць ад вонкавых фактараў.
Фота: dzr.by
У сувязі з сытуацыяй на валютным рынку Беларусі Нацыянальны банк выступіў са спэцыяльным інфармацыйным паведамленьнем.
У ім нагадваецца, што на пачатку 2015 году Нацбанк перайшоў да гнуткага мэханізму фармаваньня абменнага курсу беларускага рубля. Па сутнасьці, гэта рынкавае курсаўтварэньне.
Нацбанк адзначае, што апошнім часам на сусьветных фінансавых рынках адбыліся сур'ёзныя зьмены, якія істотна паўплывалі на курс рубля. У іх ліку — рэзкае зьніжэньне сусьветных коштаў на нафту, значнае аслабленьне курсаў расейскага рубля, кітайскага юаня й казахстанскага тэнге. Разам з тым адзначаецца, што й надалей курс рубля будзе моцна залежаць ад вонкавых фактараў — коштаў на нафту й курсаў валют асноўных гандлёвых партнэраў краіны.
Нацбанк адзначае, што яго гнуткая курсавая палітыка дазваляе падтрымліваць канкурэнтаздольнасьць беларускай эканомікі й дзелавую актыўнасьць, выступаць фактарам макраэканамічнай стабільнасьці.
У бліжэйшай пэрспэктыве намаганьні Нацбанка будуць сканцэнтраваныя на дасягненьні цэнавай стабільнасьці, каб захаваць пакупніцкую здольнасьць рубля.
euroradio.fm/nbrb.by/аз