ААН паінфармавалі аб сытуацыі М. Дзядка
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
08.07.2015 12:22
Стаўленьне да палітзьняволенага параўноўваецца да катаваньняў.
Спэцдакладчыкі ААН маюць намер запатрабаваць ад Беларусі тлумачэньняў па сытуацыі з палітвязьнем Мікалаем Дзядком. Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend, адпаведнае пацьвярджэньне атрымана па звароту, якое было накіравана 2 ліпеня і ў якім выкладзены факты ўзмацненьня ціску на Дзядка.
Зварот быў накіраваны спэцдакладчыку ААН па сытуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклашу Харашці, спэцдакладчыку ААН па пытаньні аб катаваньнях і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відах абыходжаньня й пакараньня Хуану Мэндэс, спэцдакладчыку Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні, кіраўніку прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Майры Мора й прадстаўніку ПРААН у Беларусі Санакэ Самарасінхэ.
У лісьце прыводзяцца факты таго, што Дзядок за паўтара месяца пасьля пераводу ў новае месца адбыцьця пакараньня па прыгаворы суда правёў у карцэры 42 дні, яго здароўе й жыцьцё падвяргаюцца рызыцы, ён быў вымушаны ў знак пратэсту парэзаць сабе вены й жывот, быў пазбаўлены права бесперашкодных зносін з адвакатам, прыцягваўся да прымусовай працы.
Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend параўноўвае стаўленьне да палітзьняволенага да катаваньняў і іншых формаў жорсткага, бесчалавечнага або зьневажальнага годнасьць абыходжаньня. «Адсутнасьць эфэктыўных сродкаў прававой абароны на нацыянальным узроўні змушае нас зьвярнуцца да міжнародных мэханізмаў абароны правоў чалавека ў рамках ААН, а таксама інфармаваць інстытуты ЭЗ і РЭ, якія займаюцца пытаньнямі захаваньня правоў чалавека ў Беларусі», – гаварылася ў лісьце.
паводле БелаПАН/ав