У Беларусі прайшлі вучэньні на выпадак пранікненьня MERS
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
18.06.2015 16:27
У аэрапорце “Менск” праведзены вучэньні з удзелам памежнікаў і служб грамадзянскай авіяцыі.
Намесьнік міністра аховы здароўя Беларусі Ігар Гаеўскі паведаміў аб правядзеньні вучэньняў на выпадак пранікненьня ў Беларусь вірусу MERS.
У Нацыянальным аэрапорце “Менск” былі праведзеныя вучэньні з удзелам памежнікаў і служб грамадзянскай авіяцыі. Да 21 чэрвеня аналягічныя вучэньні пройдуць у абласных аэрапортах.
На вучэньнях адпрацоўвалася ўзаемадзеяньне на выпадак падазрэньняў пранікненьня вірусу MERS у Беларусь. Правяралася таксама, якія крокі зробіць кожнае ведамства, каб лякалізаваць інфэкцыю й прадухіліць яе распаўсюд.
Паводле словаў Гаеўскага, тэплавізары, здольныя выяўляць людзей зь «нездаровай» тэмпэратурай, ёсьць на кожным транспартным пераходзе і ў рэгіянальных аэрапортах, праводзіцца даабсталяваньне менскага аэрапорту больш сучаснымі сродкамі.
Раней у менскім аэрапорце праводзіліся вучэньні на выпадак пранікненьня віруса Эбола (хоць імавернасьць яго пранікненьня ацэньвалася як невысокая). Як распавёў Гаеўскі, падчас тых вучэньняў у аэрапорце вылічылі ўсіх нігерыйцаў з высокай тэмпэратурай, ізалявалі іх і правялі тэсты, затым 20 дзён сачылі за станам іх здароўя.
Першыя выпадкі заражэньня вірусам былі зарэгістраваныя ў Саудаускай Арабіі ў чэрвені 2012 года. Успышка вірусу MERS была нядаўна зафіксаваная ў Паўднёвай Карэі, першы выпадак сьмерці ад яго ў Эўропе быў зафіксаваны ў Нямеччыне.
Вакцыны ад віруса MERS на сёньня няма. Пакуль вірус недастаткова дасьледаваны, невядомая нават дакладная крыніца яго паходжаньня.
мінск-навіны/nn.by/вс