Logo Polskiego Radia
Print

У Гомелі пастара будуць судзіць за набажэнства

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 12.06.2015 14:07
Міліцыя склала ў дачыненьні да яго пратакол за несанкцыянаванае мерапрыемства.

Пастара гомельскай рэлігійнай абшчыны „Царква Божая „Праабражэньне”“ Сяргея Нікалаенку будуць судзіць за „правядзеньне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства”, то бок нядзельнага набажэнства.

Адміністрацыйная справа накіраваная ў суд, яе разгляд прызначаны на 19 чэрвеня. Сяргею Нікалаенку пагражае пакараньне ў выглядзе афіцыйнага папярэджаньня, альбо штрафу ў памеры да трыццаці базавых велічынь, альбо адміністрацыйнага арышту.

Пастар паведаміў, што адмовіўся падпісваць пратакол, бо не прызнае сваёй віны. Паводле ягоных слоў, інцыдэнт адбыўся 31 траўня. Падчас нядзельнага набажэнства, якое праходзіла ў афіцыйна арандаваным суполкай памяшканьні, туды ўварваліся супрацоўнікі міліцыі зь відэакамэрай. Яны сталі здымаць усіх прысутных, набажэнства было спынена. Свае дзеяньні супрацоўнікі міліцыі патлумачылі тым, што ім паступіў ананімны званок. Той, хто тэлефанаваў, паведаміў, што „нейкі натоўп праводзіць несанкцыянаванае мерапрыемства”.

Паводле пастара, міліцыянты высьвятлялі ў вернікаў, чаму яны наведваюць менавіта гэтую царкву, „а не нармальную, правільную”.

„Чыніўся псыхалягічны ціск на прысутных, ва ўсіх былі ўзятыя асабістыя дадзеныя”, - сказаў Сяргей Нікалаенка.

Рэлігійная абшчына „Царква Божая „Праабражэньне”“ дзейнічае з 2005 году, яна афіцыйна зарэгістраваная й да гэтага часу ня мела ніякіх праблемаў з уладамі.

У міліцыі інцыдэнт пакуль не камэнтуюць.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт