Logo Polskiego Radia
Print

Адзіны дзень скідак пройдзе ў Беларусі 2 траўня

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 28.04.2015 14:25
За кошт узгодненага зьніжэньня цэн пакупнікам будуць прадастаўленыя скідкі ў памеры ня меншым за 15-20 адсоткаў.

/

Адзіны дзень скідак пройдзе ў Беларусі 2 траўня, паведаміла сёньня на прэс-канфэрэнцыі ў БЕЛТА начальнік упраўленьня арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю Віялета Бразоўская.

За кошт узгодненага зьніжэньня цэн арганізацыямі-вытворцамі і гандлёвых надбавак крамамі пакупнікам будуць прадастаўленыя скідкі на нехарчовыя тавары ў памеры ня меншым за 15-20 адсоткаў.

Віялета Бразоўская адзначыла, што гандлёвае абслугоўваньне ўдзельнікаў і гасьцей усіх мерапрыемстваў, прымеркаваных да сьвята 70-годзьдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, будзе арганізаванае на высокім узроўні. Гандлёвыя арганізацыі ўжо цяпер актыўна ўключыліся ў рэспубліканскі патрыятычны праект "Кветкі Вялікай Перамогі". Заказана і атрымана больш як 700 тыс. бутаньерак (чырвона-зялёная стужка з кветкай яблыні), якія прадаюцца ўжо ў сетцы без гандлёвай надбаўкі. "7, 8 і 9 траўня бутаньеркі будуць бясплатна раздавацца ня толькі вэтэранам Вялікай Айчыннай вайны, але і ўсім наведвальнікам буйных гандлёвых аб'ектаў", - дадала Віялета Бразоўская.

У Менску 1 і 2 траўня маштабны спэцыялізаваны кірмаш з удзелам вытворцаў з усіх рэгіёнаў краіны адбудзецца з 10.00 да 17.00 у раёне Палаца спорту па пр. Пераможцаў. Акрамя таго, 1 траўня сьвяточны гандаль будзе арганізаваны ў парках Перамогі, імя Дружбы народаў, імя Чалюскінцаў.

9 траўня асноўны сьвяточны гандаль у Менску разгорнецца на пр. Пераможцаў у раёне Палаца спорту з 10.00 да 23.00 і на пляцоўках, у парках і сквэрах ва ўсіх адміністрацыйных раёнах сталіцы, у тым ліку ў Цэнтральным раёне - у парку Перамогі.

Каля Палацу спорту гандлёвыя рады разьмесьцяцца на 13 тыс. кв.м, будзе забясьпечана больш як 2 тыс. пасадачных месцаў. Для больш хуткага абслугоўваньня будзе арганізавана максімальная колькасьць рабочых месц для прадаўцоў. Сваю прадукцыю прадставяць буйныя прадпрыемствы прамысловасьці, гандлёвыя арганізацыі і аб'екты грамадзкага харчаваньня. Тут можна будзе пакаштаваць сьвяточныя стравы беларускай кухні, хатнія каўбаскі, шашлык зь мяса сьвініны і птушкі, разнастайныя кулінарныя і кандытарскія вырабы.

эб/БЕЛТА

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт