Logo Polskiego Radia
Print

FIDH патрабуе скасаваць „дэкрэт пра дармаедаў”

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 15.04.2015 15:02
Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве FIDH i Праваабарончага цэнтру „Вясна”.

Дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі „Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства”, на думку праваабаронцаў, парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Пра гэта ідзе гаворка ў сумеснай заяве Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) і яе сяброўскай арганізацыі ў Беларусі - Праваабарончага цэнтру „Вясна”.

Праваабаронцы лічаць, што дэкрэт наўпрост супярэчыць артыкулу 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародным нормам права ў галіне правоў чалавека.

FIDH і „Вясна” адзначаюць, што ўлады Беларусі й раней актыўна практыкавалі прымусовую працу, што ня раз „зьяўлялася падставай для крытыкі з боку як беларускіх, так і міжнародных праваабарончых арганізацыяў”. Праваабаронцы, у прыватнасьці, узгадваюць дэкрэт ад 7 сьнежня 2012 году № 9 „Аб дадатковых мерах па разьвіцьці дрэваапрацоўчай прамысловасьці”, які фактычна пазбаўляе работнікаў магчымасьці спыняць працоўныя адносіны з уласнай ініцыятывы.

„На жаль, урад Беларусі не прыслухаўся да рэкамэндацыяў Камітэту ААН. Дэкрэт № 3, які ўступіў у сілу, стварыў яшчэ большую рэпрэсіўную прававую базу для яшчэ шырэйшага выкарыстаньня практыкі прымусовай працы ў краіне”, - падкрэсьліваецца ў заяве.

FIDH і „Вясна” патрабуюць адмяніць Дэкрэт № 3 і прывесьці беларускае заканадаўства ў сфэры працы ў строгую адпаведнасьць зь міжнароднымі нормамі правоў чалавека й рэкамэндацыямі Міжнароднай арганізацыі працы й Камітэту ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах такім чынам, „каб выключыць практыку выкарыстаньня прымусовай працы ва ўсіх яе формах і праявах”.

svaboda.org/spring96.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт