"ЛогвінаЎ" сабраў на штраф
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
09.03.2015 13:33
Непасрэдна ў кнігарню свае ахвяраваньні прынесьлі каля 500 чалавек, яшчэ столькі ж скарысталіся адмысловым сайтам.
Кнігарня «ЛогвінаЎ» амаль сабрала ўсю суму на штраф. «Паводле нашых падлікаў, мы маем каля 90% ад сумы», — кажа Ігар Логвінаў.
Пачаць выплаты кнігавыдавец плянуе ўжо сёньня, аднак выплаціць хутка ўсю суму цалкам не атрымаецца з-за тэхнічных цяжкасьцяў. На 15 сакавіка прызначаны разгляд просьбы аб адтэрмінаваньні плацяжа на паўгода.
Непасрэдна ў кнігарню свае ахвяраваньні прынесьлі каля 500 чалавек, яшчэ столькі ж скарысталіся адмысловым сайтам. Зьбіралі грошы на працягу двух месяцаў.
«Мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто дапамагаў нам. Мы хочам зрабіць для ўсіх вялікую імпрэзу. Зараз зьязджаем на кніжны кірмаш у Лейпцыг, а калі вернемся, то адразу нешта такое арганізуем», — гаворыць кнігавыдавец.
Нагадаем, эканамічны суд Менску аштрафаваў «Кнігарню ЛогвінаЎ» за гандаль кнігамі без ліцэнзіі на больш за 900 мільёнаў рублёў. Летась кнігарня шэсць разоў безвынікова спрабавала атрымаць рэгістрацыю на гандаль кнігамі.
Паводле Эўрарадыё/нг