Вытворцы лекаў зь Беларусі ўвайшлі ў расейскі антырэйтынг
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
24.01.2015 11:10
У сьпіс вытворцаў недабраякаснай прадукцыі яны трапляюць не ўпершыню.
Барысаўскі завод мэдпрэпаратаў і прадпрыемства „Белмэдпрэпараты” ўвайшлі ў топ вытворцаў лекавых сродкаў, на прадукцыю якіх у Расеі ў 2014 годзе паступіла найбольшая колькасьць прэтэнзіяў ад пакупнікоў.
Антырэйтынг апублікаваны на сайце Фэдэральнай службы па наглядзе ў сфэры аховы здароўя Расеі.
Неганаровае другое месца ў пераліку замежных вытворцаў лекавых сродкаў па аб’еме няякаснай прадукцыі заняў Барысаўскі завод мэдпрэпаратаў. Летась нараканьні былі да 17 сэрый прэпаратаў ад гэтага вытворцы - гэта шэсьць найменьняў лекаў.
Сярод прэтэнзіяў: сапраўднасьць, колькаснае вызначэньне, аднароднасьць дазіраваньня, сярэдняя маса, мэханічныя ўключэньні, мікрабіяллягічная чысьціня, упакоўка.
„Белмэдпрэпараты” выглядаюць крыху лепей і займаюць у антырэйтынгу 12-е месца. Прадпрыемства атрымала заявы аб недахопах у трох сэрыях найменьняў. Тут прэтэнзіі тычыліся ўпакоўкі й маркіроўкі.
У кампаніі „Барысаўскі завод мэдпрэпаратаў” ніяк не камэнтуюць гэтую навіну.
Дарэчы, гэтыя два прадпрыемствы й раней траплялі ў расейскі рэйтынг недобрасумленных замежных вытворцаў лекаў - у антырэйтынгу яны былі ў 2009 годзе.
tut.by/euroradio.fm/аз