ПП Беларусі ратыфікавала дагавор аб далучэньні Армэніі да ЭАЭС
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Anna Zadrożna
                        
                        20.12.2014 09:00
                    
                                 
                
                
                    Дагавор быў падпісаны ў Менску 10 кастрычніка 2014 году.
                
                
                    
                         
                     
                
                
                
               
                
                          Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ратыфікавала дагавор аб далучэньні Армэніі да ЭАЭС.
Дагавор быў падпісаны ў Менску прэзыдэнтамі Беларусі, Расеі, Казахстана й Армэніі 10 кастрычніка 2014 году. Пры гэтым краіны „тройкі” дамовіліся аб пераходным пэрыядзе для Армэніі, у час яго адносна некаторых армянскіх тавараў прымяняюцца ўвазныя мытныя пошліны, іх стаўкі адрозьніваюцца ад адзінага мытнага тарыфу ЭАЭС.
„Сёньня ў нас гістарычны дзень. Яшчэ раз мы пацьвярджаем наша жаданьне, наш напрамак па разьвіцьці. Пасьля ратыфікацыі мы становімся сябрамі ЭАЭС, а гэта вялікія магчымасьці”, - заявіў беларускім журналістам Надзвычайны й Паўнамоцны Пасол Армэніі ў Беларусі Армэн Хачатран.
Ён растлумачыў, што Армэнія можа пастаўляць партнэрам па будучым саюзе паслугі ў сфэры высокіх тэхналёгій, а таксама агародніну й фрукты. „У нас ёсьць самы лепшы каньяк, у нас ёсьць самыя лепшыя мінэральныя воды. Хоць я не забываю пра „Баржомі”. У нас ёсьць многае”, - дадаў пасол. Што датычыцца шляхоў пастаўкі, то тавары будуць ісьці праз Грузію.
„Шчыра вітаю ўсіх беларусаў. Жадаю шчасьця й радасьці гэтаму цудоўнаму народу, самаму добраму, як кажуць усе армяне”, - таксама адзначыў дыплямат.
У сваю чаргу першы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандар Міхневіч растлумачыў, што Расея завяршыла працэдуру ратыфікацыі дагавора аб далучэньні Армэніі да ЭАЭС, а Казахстан яе завяршае.
Акрамя таго, учора ў Палаце прадстаўнікоў ратыфікаваны й дагавор аб спыненьні дзейнасьці ЭўрАзЭС.
belta.by/аз