Мікалаю Дзядку афіцыйна выставілі новае абвінавачваньне
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
05.12.2014 10:56
Асноўнае парушэньне — знаходжаньне ў камэры ў спартыўным касьцюме.
Палітвязьню Мікалаю Дзядку афіцыйна выставілі новае абвінавачваньне. Дагэтуль ён знаходзіўся ў статусе падазраванага.
Мера стрыманьня па новай справе не абіралася, таму Дзядок застаецца да суда ў адзіночнай камэры Магілёўскай турмы. Паводле самога зьняволенага, асноўныя яго парушэньні — гэта знаходжаньне ў камэры ў спартыўным касьцюме. Турэмнае начальства палічыла яго паводзіны „злосным непадпарадкаваньнем”.
Нагадаем, Мікалай Дзядок разам зь Ігарам Аліневічам і Аляксандрам Францкевічам асуджаныя ў траўні 2011 году за злоснае хуліганства й наўмыснае зьнішчэнне або пашкоджаньне маёмасьці.
Іх вінавацілі ў шэрагу нападаў на будынкі й падпалы. У прыватнасьці, гаворка ішла пра несанкцыяваную антываенную акцыю каля Мінабароны Беларусі ў 2009 годзе, закідваньне бутэлькамі з запальнай сумесьсю амбасады Расеі ў Менску й турмы на вуліцы Акрэсьціна ў 2010 годзе.
Праваабаронцы лічаць прысуд Мікалаю Дзядку й іншым асуджаным па гэтай справе палітычна матываваным. Яны прызналі Дзядка палітзьняволеным. Хлопец мусіў выйсьці на волю 3 сакавіка 2015 году, адбыўшы пакараньне ў чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі. Цяпер яму пагражае дадаткова 1 год пазбаўленьня волі.
БелаПАН/euroradio.fm/аз