Прэзыдэнт Украіны сустрэўся з бацькамі Жызьнеўскага
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
28.11.2014 13:48
Парашэнка запэўніў, што будзе шукаць магчымасьць уганараваць іх сына адпаведным чынам.
racyja.com
Прэзыдэнт Украіны сустрэўся з бацькамі Міхаіла Жызьнеўскага – Нінай і Міхаілам Жызьнеўскімі. Пятро Парашэнка запэўніў, што будзе шукаць заканадаўчую магчымасьць, каб і Міхаіла Жызьнеўскага, як і загінулых на Майдане ўкраінцаў, уганараваць адпаведным чынам.
Падчас сустрэчы з бацькамі Міхаіла Жызьнеўскага Парашэнка перадаў ім ордэн Герояў Нябеснай Сотні іх сына.
„Удзячны Вам за тое, што выхавалі героя, памяць пра якога назаўжды застанецца ў сэрцах украінцаў. Я раблю ўсё магчымае, каб Міхаіл атрымаў званьне Героя Ўкраіны, аднак зараз закон не дазваляе ўручаць гэтую ўзнагароду іншаземцам, і патрэбна адпаведнае рашэньне Вярхоўнай Рады. Упэўнены, што Парлямэнт ухваліць неабходныя зьмены ў заканадаўства”, – напісаў у сваім Фэйсбуку кіраўнік украінскай дзяржавы.
Гэтымі днямі бацькі Жызьнеўскага знаходзяцца ў Кіеве. Яны прысутнічалі на ўсталяваньні помніка сыну на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, непадалёк ад месца, дзе Міхаіл загінуў. Бацькі зьвярнуліся з заклікам да прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі зрабіць выключэньне й даць іх сыну званьне Героя Ўкраіны, каб і ў Беларусі нарэшце зразумелі, што сын ахвяраваў жыцьцё за свабоду й незалежнасьць украінскай дзяржавы.
racyja.com/аз