Logo Polskiego Radia
Print

Андрэя Бандарэнку на два месяцы зьмясьцілі ў камэру ШІЗА па ягонай просьбе

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 22.11.2014 12:46
Андрэй Бандарэнка быў зьмешчаны ў ШІЗА 12 лістапада.
Андрэй Бандарэнка. Андрэй Бандарэнка. Фота: belsat.eu

Асуджанага праваабаронцу Андрэя Бандарэнку па яго заяве зьмясьцілі ў камэру штрафнога ізалятара (ШІЗА). Там ён будзе знаходзіцца два месяцы. Пра гэта паведаміў бацька асуджанага Валерый Бандарэнка, які атрымаў ліст ад сына з папраўчай калёніі № 2 у Бабруйску (Магілёўская вобласьць).

„Такое рашэньне прынята начальнікам калёніі ў якасьці прымяненьня мер бясьпекі, - кажа Валерый Бандарэнка. - Паколькі было некалькі інцыдэнтаў, якія маглі перарасьці ў канфлікт, што, натуральна, прывяло б да парушэньня з боку Андрэя. Каб пазьбегнуць гэтага ён напісаў заяву, каб яго зьмясьцілі ў камэру ШІЗА. Па распараджэньні начальніка калёніі там ён будзе знаходзіцца два месяцы. Андрэй спыніў галадоўку. Для яго прымаюць перадачы”, - кажа бацька асуджанага. Ён дадае, што Андрэй Бандарэнка быў зьмешчаны ў ШІЗА 12 лістапада.

Як сказаў Валерый Бандарэнка, 27 кастрычніка адзін са зьняволеных у бабруйскай калёніі заявіў сыну, што зьняволеным вядома пра яго знаходжаньне ў адной камэры ў верасьні 2010 году з чалавекам зь нізкім, па крымінальных мерках, статусам, з «адсаджаным». Таму ён сам цяпер такі й за агульны стол у сталовай сесьці ня мае права - толькі за стол з асуджанымі з такім жа статусам. У адказ на гэта Андрэй Бандарэнка прыходзіў у сталовую, ня сеў ні за адзін з сталоў і заяўляў, што есьці ня хоча.

Нагадаем, 12 жніўня суд Кастрычніцкага раёна Менска прызначыў былому дырэктару прыватнай інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа інавэйшн» Андрэю Бандарэнку пакараньне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўленьня волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але за кошт амністыі тэрмін быў скарочаны да трох гадоў. Бандарэнка прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні хуліганства, злоснага хуліганства й асабліва злоснага хуліганства.

ucpb.org/БелаПАН/nn.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт