Logo Polskiego Radia
Print

AI: яшчэ адзін чалавек застаецца ў камэры сьмяротнікаў у Беларусі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.11.2014 10:48
„Amnesty International” зноў заклікае Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя „Amnesty International” асудзіла пакараньне сьмерцю зьняволенага Аляксандра Грунова, асуджанага за забойства.

„Гэта ўжо трэцяе выкананьне сьмяротнага прысуду ў Беларусі ў 2014 годзе”, - гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Прашэньне Аляксандра Грунова аб памілаваньні было адхілена 13 кастрычніка, а 4 лістапада яго маці атрымала пасылку з вопраткай, якую ён насіў у камэры сьмяротнікаў. Паводле беларускіх праваабаронцаў, гэта звычайна робіцца пасьля таго, як быў выкананы сьмяротны прысуд. Сям’я й адвакат разьлічваюць атрымаць афіцыйнае пацьверджаньне на працягу бліжэйшых некалькіх дзён.

„Amnesty International” паведамляе, што як мінімум, яшчэ адзін чалавек застаецца ў камэры сьмяротнікаў у Беларусі цяпер, і ёсьць асьцярогі, што ён знаходзіцца ў непасрэднай небясьпецы выкананьня прысуду.

Беларусь застаецца апошняй краінай у Эўропе й Цэнтральнай Азіі, якая праігнаравала ня толькі свае прававыя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, але й глябальную тэндэнцыю да адмены сьмяротнага пакараньня, заяўляе „Amnesty International” і зноў заклікае Беларусь неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Прадстаўнікі арганізацыі нагадаюць, што ў Беларусі сьмяротныя прысуды выконваюцца ў строгім сакрэце, пра гэта адпаведным чынам не апавяшчаюць зьняволеных, іх сем’і або іх законных прадстаўнікоў. Асуджаных не папярэджваюць, што прысуд мае быць выкананы, замест гэтага іх выводзяць з камэраў, кажуць, што прашэньне аб памілаваньні было адхілена, а затым ставяць на калені й страляюць у патыліцу.

Крымінальна-выканаўчы кодэкс дазваляе беларускім уладам адмаўляцца вяртаць целы пакараных іх сем’ям ці нават паведамляць пра месцазнаходжаньне пахаваньня. У кастрычніку 2013 года, Спэцыяльны дакладчык ААН па пытаньні аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі заявіў: „Тое, як сьмяротнае пакараньне выконваюць у Беларусі, зьяўляецца бесчалавечным”.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт