Logo Polskiego Radia
Print

Звольненыя работнікі Бабруйскага заводу пагражаюць галадоўкай

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 03.11.2014 13:13
У адкрытым лісьце яны паскардзіліся кіраўніку дзяржавы.
svaboda.orgsvaboda.org

Звольненыя з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў сябры Свабоднага прафсаюзу Беларускага заяўляюць, што абвясьцяць галадоўку, калі на працягу бліжэйшых двух дзён не атрымаюць адказу на свой зварот, дасланы Аляксандру Лукашэнку.

У адкрытым лісьце кіраўніку дзяржавы былыя працаўнікі прадпрыемства даводзілі, што кіраўніцтва заводу парушыла іхнае канстытуцыйнае права на працу, незаконна, як пішуць, звольніўшы іх. Працаўнікі таксама даводзілі, што з заводу звальняюць высокакваліфікаваных спэцыялістаў, шкодзячы вытворчасьці.

Ліст кіраўніку дзяржавы адаслалі 20 кастрычніка. Паводле працаўнікоў, з адміністрацыі прэзыдэнта ім адпісалі, што іхны зварот перадасланы кіраўніцтву Менскага трактарнага заводу, у аб’яднаньне зь якім уваходзіць бабруйскае прадпрыемства.

„Адказу ніякага няма. Адпіску далі, але й з трактарнага заводу нічога няма. Вось мы яшчэ пачакаем два дні й пачнём галадоўку”, - заяўляе звольнены з прадпрыемства працаўнік з трыццацігадовым стажам Мікалай Жыбуль. Да пэнсіі яму засталося крыху больш за 2 гады.

„Прэзыдэнт, відаць, не пачытаў наш ліст. Вось мы зьбяром журналістаў і ўсіх зацікаўленых людзей, каб яны ведалі, што мы яшчэ жывыя, змагаемся і не здаёмся. Нам хацелася б, каб зьвярнулі ўвагу на тое, што творыцца на нашым заводзе”,- кажа пра сытуацыю Мікалай Жыбуль.

У адміністрацыі прадпрыемства адмаўляюцца камэнтаваць сытуацыю.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт