Руху „За Свабоду” адмовілі ў правядзеньні антываенных пікетаў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
17.09.2014 16:24
Заяўнікі плянуюць абскардзіць забароны.
Актывісты Руху „За Свабоду” Алесь Марчанка й Арцём Лява, якія ініцыявалі „Карусель пікетаў” каля пасольства РФ у Менску супраць ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне, атрымалі адмову з гарвыканкама.
„Адказы абсалютна аднолькавыя. У іх напісана, што „заява не адпавядае патрабаваньням артыкулаў 5 (заява пра правядзеньне акцыі), 9 (месца й час правядзеньня акцыі) закона „Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь””, - распавялі арганізатары акцыі.
У сувязі з гэтым, дадалі яны, „Менгарвыканкам не дазволіў правядзеньне пікетаваньня каля амбасады Расеі на адлегласьці больш за 50 м ад будынка”. Адмова была падпісаная намесьнікам старшыні гарвыканкама, адказны за ідэалёгію, старшыня Кампартыі Беларусі Ігар Карпенка.
Як распавёў Арцём Лява, заяўнікі плянуюць абскардзіць забароны. „Мы лічым іх незаконнымі й перадузятымі”, - адзначыў сябра Рады Руху „За Свабоду”.
Ён нагадаў, што заявы былі падрыхтаваныя ў супрацы з юрыстамі й праваабаронцамі.
Па словах Арцёма Лявы, іншыя заяўнікі пакуль адмоваў не атрымлівалі.
Кампанію „Карусель пікетаў” актывісты Руху „За Свабоду” Арцём Лява й Алесь Марчанка распачалі у пачатку верасьня. Яны прапануюць кожны дзень падаваць заяўкі на пікеты каля амбасады Расеі з патрабаваньнем спыніць ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне. Да кампаніі далучыліся таксама іншыя актывісты, але ініцыятары прапануюць далучацца ўсіх ахвотных.
pyx.by/аз