Logo Polskiego Radia
Print

Уступілі ў сілу папраўкі па штрафах аб перавышэньні хуткасьці

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 28.07.2014 16:15
Папраўкі прадугледжваюць увядзеньне аўтаматычнай фотафіксацыі парушэньняў правіл паркоўкі.
Foto: Cezary Piwowarski/wikipedia.org

Сёньня ўступаюць у сілу некаторыя палажэньні закона „Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях бясьпекі дарожнага руху”.

У прыватнасьці, папраўкі датычацца перавышэньня хуткасьці, зафіксаванага аўтаматычнымі прыборамі. Калі кіроўца перавысіў хуткасны рэжым на 10—20 км/г, накладаецца штраф 0,5 базавай велічыні (адна базавая велічыня цяпер складае Бр150 тыс.), на 20-30 км/г — 2 базавыя, на 30-40 км/г — 4, звыш 40 км/г — 6.

Пры гэтым калі парушэньне зафіксавана менавіта аўтаматычнай камэрай, то прынцып паўторнасьці пры накладаньні штрафу ня дзейнічае.

Акрамя таго, за невыкананьне патрабаваньня супрацоўніка міліцыі аб спыненьні транспартнага сродку — штраф ад 2 да 8 базавых велічынь, а за неаднаразовае невыкананьне такіх — ад 3 да 10 базавых велічынь або пазбаўленьне правоў тэрмінам да 6 месяцаў.

За дзеянні, што прывялі да перасьледу супрацоўнікамі міліцыі, — ад 5 да 20 базавых велічынь з пазбаўленьнем правоў на два гады (або без пазбаўленьня).

Таксама папраўкі прадугледжваюць увядзеньне аўтаматычнай фотафіксацыі парушэньняў правіл паркоўкі.

Як паведамляў раней начальнік ДАІ Менска Дзьмітрый Карзюк, некалькі такіх прыбораў ужо тэсьціруюцца ў сталіцы. Ён таксама адзначыў, што закон дае дарожнай міліцыі тры месяцы на тое, каб падрыхтавацца тэхнічна да запуску фотафіксацыі парушэньняў правіл паркоўкі. Фактычна гэта сыстэма павінна пачаць працаваць у кастрычніку 2014 года.

За парушэньне правіл паркоўкі або неправамерную паркоўку на месцы для інвалідаў, зафіксаваныя аўтаматычнымі камэрамі, будзе накладацца штраф 1 базавая, а для велікагрузнай тэхнікі — 3 базавыя велічыні.

БелТА/nn.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт