Logo Polskiego Radia
Print

Берасьцейскі „Чырвоны крыж” сабраў больш за 12 мільёнаў рублёў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 31.05.2014 12:00
Збор сродкаў прайшоў у рамках акцыі „Усе мы родам зь дзяцінства”.

У Берасьці завершылі збор сродкаў для дзяцей з абмежаванымі магчымасьцямі й дзяцей з сацыяльна небясьпечных сем’яў.

У рамках акцыі „Усе мы родам зь дзяцінства” ў горадзе ўсталявалі скарбонкі, і кожны мог зрабіць свой унёсак у дабрачынную справу.

Кіраўнічка гарадзкой арганізацыі „Чырвонага крыжа” Ніна Саванеўская кажа, што з кожным годам грамадзтва выяўляе ўсё большую заангажаванасьць у гэтую справу:

„Былі ўсталяваныя скарбонкі ў пяці гандлёвых кропках, праз якія сіламі валантэраў „Чырвонага крыжа” сабрана 12 мільёнаў 274 тысячы рублёў. У параўнаньні зь мінулым годам мы на мільён сабралі больш грашовых сродкаў. Грашовыя сродкі будуць выдаткаваныя на арганізацыю сьвята, прагулкі на цеплаходзе „Гародня”, таксама на цеплаходзе будзе арганізавана забаўляльная праграма", - кажа Ніна Саванеўская.

Усяго ў сьяточнай імпрэзе прымуць удзел больш за дзьве сотні дзяцей-інвалідаў і дзяцей-сірот. Кожнаму зь іх дадаткова плянуецца закупіць салодкія пачастункі.

racyja.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт