Беларуская кампанія Amnesty International у Швайцарыі
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
13.05.2014 16:38
Amnesty International заклікае Менск да сумленнай гульні ня толькі ў хакеі
Швайцарская філія праваабарончай арганізацыі Amnesty International праводзіць кампанію, прымеркаваную да чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску, падчас якой заклікае беларускія ўлады «да сумленнай гульні ў галіне правоў чалавека».
Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
У межах кампаніі праваабаронцы Amnesty International, сустракаючыся з рознымі групамі насельніцтва Швайцарыі, распавядаюць пра грубыя парушэньні правоў чалавека ў краіне, дзе праходзіць спартыўная падзея сусьветнага маштабу, і зьбіраюць подпісы пад пэтыцыяй з заклікам да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх вязьняў сумленьня ў Беларусі, а таксама да адмены сьмяротнага пакараньня і ўсіх рэпрэсіўных законаў:
«Кампанія, якую мы цяпер праводзім, — гэта працяг леташняй кампаніі па адмене сьмяротнага пакараньня ў Беларусі і працяг працы па падтрымцы вязьняў сумленьня, — кажа Ірыс Бішаф, каардынатар цэнтральнага офіса Amnesty International у Швайцарыі. — Акрамя таго, інфармаваць пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі для нас вельмі важна, Беларусь — адзін з асноўных напрамкаў працы швайцарскага аддзяленьня Amnesty International».
яс/svaboda.org