Logo Polskiego Radia
Print

У пачатку 2014 года АГП правядзе пробныя праймэрыз

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 27.12.2013 13:16
„Давайце пачнем з Бабруйска”, - заклікаў Анатоль Лябедзька.

У пачатку 2014 года Аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП) плянуе правесьці пробныя апазыцыйныя праймэрыз у Бабруйску й заклікае астатнія палітычныя сілы далучыцца да ініцыятывы.

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, апазыцыі трэба настройвацца на барацьбу за перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 года. „Мы можам дасягнуць гэтага толькі тады, калі істотна павысім колькасьць удзельнікаў палітычнага працэсу. Для гэтага мы павінны прапаноўваць пэўныя працэдуры”, - сказаў ён.

На думку лідара АГП, працэдура выбару адзінага кандыдата ад апазыцыі на кангрэсе палітычных сіл, правядзеньне якой пачалі ўжо абмяркоўваць у апазыцыйным асяродзьдзі, не празрыстая й не дазваляе прыцягнуць простых грамадзян да прыняцьця рашэньняў.

„Калі мы гаворым, што мы абярэм на кангрэсе, у кулюарах (рэд. адзінага кандыдата), чалавек скажа: ну выбралі, а я тут пры чым? Давайце ўцягваць чалавека ў гэтую працэдуру. Калі ўсё зьвядзецца да правядзення кангрэсу, хутчэй за ўсё, мы напішам прывітальнае слова гэтаму кангрэсу, пажадаем пасьпяховай работы”, - сказаў Лябедзька.

Умовай супрацоўніцтва зь іншымі апазыцыйнымі структурамі, у прыватнасьці з прадстаўнікамі кампаніі „Народны рэфэрэндум” (ініцыятыва „Народны рэфэрэндум” аб'ядноўвае Партыю БНФ, кампанію „Гавары праўду”, рух „За Свабоду” і шэраг іншых структур), лідар АГП назваў іх удзел у пілётных праймэрыз.

„Давайце пачнем з Бабруйска, давайце аб'яднаемся - усе носьбіты прэзыдэнцкіх амбіцый. Калі атрымаецца, што мы ў гэта ўклаліся, а прыйшло 50 актывістаў, нам хопіць сьмеласьці сказаць, што гэта не атрымалася й трэба паспрабаваць штосьці іншае”, - сказаў палітык.

БелаПАН/nn.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт